клиент: Бульбашъ

дата: 01.04.2016-01.06.2016

Цмокi на новы лад

Настойкі, адноўленыя па нацыянальных рэцэптах, складаюць значную частку партфеля ТАА «Завод Бульбашъ». Сярод бармэнаў дамашнія настойкі і лакальныя напоі становяцца ўсё больш папулярнымі. У рамках праекта «Цмокі на новы лад» з'явiлicя першыя кактэйлі, створаныя па вобразах персанажаў нацыянальнага фальклору – Цмокаў. Былі прыдуманы дзевяць напояў, з якіх тры кактэйлі-пераможцы былі адабраны па выніках анлайн-галасавання і прэзентацыі для журналістаў і блогераў.

переход на сайт

Услуги

PR-поддержка

Промо-сайт

Задачы кампанii

Трансфармацыя ўспрымання настоек «Бульбашъ» з «састарэлых і нямодных» да «аўтэнтычных і трэндавых».

 

Фарміраванне культуры ўжывання моцных алкагольных напояў.

Мэтавая аўдыторыя

Мужчыны і жанчыны ад 21 да 40 гадоў, любяць бавіць час у кафэ, барах, гатовыя эксперыментаваць і гатаваць кактэйлі самастойна, неабыякавыя да беларускай культуры і традыцый.

Крэатыўная iдэя

Выкарыстанне сімвала Беларусі, які набірае папулярнасць: стварэнне серыі кактэйляў, натхненнем для якіх стануць персанажы беларускага фальклору – Цмокі. Цмокаў не раз апісвалі класікі беларускай літаратуры ў сваіх творах, этнографы ведаюць нямала гісторый і легенд, звязаных з гэтымі фантастычнымі персанажамі.

Гэта выдатны вобраз, які дапаможа звязаць традыцыі мінулага з сучаснай барнай культурай: Цмок настолькі харызматычны, што без сумнення зможа прэтэндаваць на ролю нацыянальнага беларускага кактэйлю!

Структура кампанii

  • Стварэнне кактэйляў прафесіянальнымі бармэнамі;
  • Промасайт с анлайн-галасаваннем;
  • Медыйная падтрымка промасайта;
  • PR-падтрымка праекта;
  • Мерапрыемства для СМІ і блогераў з дэгустацыяй і галасаваннем за лепшы кактэйль;
  • POSM для рытэйлу і рэстаранаў з выявамі і рэцэптамі трох кактэйляў-фіналістаў.

Рэалiзацыя

I этап - Стварэнне кактэйляў

Да распрацоўкі кактэйляў былі прыцягнуты вядучыя бармэны Беларусі:

Яўген Кузняцоў, Васіль Сапункоў, Міхась Канаваленка, Яўген Рогаў – заснавальнікі і выкладчыкі школы бартэндынгу Splash&Dash. Былі створаны 9 кактэйляў на аснове настоек Бульбашъ «Ліпа з мёдам», «Зубровая», «Журавінавая», «Мядовая з перцам», «На бярозавых пупышках». Рэцэпты ствараліся з умовай магчымасці іх наступнай адаптацыі для дамашняга прыгатавання. Кактэйлі падзяляліся на 3 стыхіі: агонь, вада, паветра. Натхнёны вобразамі Цмокаў, Міхась Канаваленка стварыў кактэйлі «Скарбны Цмок», «Калючы Цмок», «Туманны Цмок», Яўген Рогаў – «Змрочны Цмок», «Паветраны Цмок», «Чатырохгаловы Цмок», а Васіль Сапункоў – «Дрыгвяны Цмок», «Снежны Цмок» і «Цмок Шыпахвост». Спадарожнымі інгрэдыентамі выступілі самыя розныя кампаненты, здольныя адлюстраваць характар Цмока. Гэта, напрыклад, табаска, агурок, яечны бялок («Шыпахвост»), абрыкосавы джэм і маркоўны сок («Скарбны»), мята і бярозавы сок («Паветраны Цмок»).

Адзін з удзельнікаў праекта «Цмокі на новы лад» шэф-бармэн «Хулігана» Яўген Кузняцоў расказвае:

Я рады, што бармэнаў пачалі далучаць да стварэння нацыянальных напояў, бо мы кожны вечар сутыкаемся са спажыўцом і ведаем пра яго перавагі і густы. За апошнія гады я аб’ездзіў усе рэгіёны Беларусі і дакладна магу сказаць, што ўзровень кактэйльнай культуры ў рэспубліцы значна вырас. Сёння ў барнай культуры назіраецца трэнд – праца з нацыянальнымі напоямі.

II этап – промастаронка

Для шырокага анансавання кактэйляў была створана промастаронка http://tsmoki.bulbash.com. На ёй можна было пазнаёміцца з Цмокамі – даведацца пра падрабязныя рэцэпты кактэйляў, іх склад, пранікнуцца настроем дзякуючы ўнікальным ілюстрацыям, якія ствараліся пад кожны кактэйль.Таксама на сайце прадугледжвалася галасаванне з дапамогай механікі share – падзяліцца кактэйлем, які спадабаўся, у сацыяльных сетках. Галоўная драма будавалася на ідэі таго, што Цмок «жыве», пакуль пра яго памятаюць (як і традыцыі). Тыя кактэйлі, за якія прагаласуе большасць удзельнікаў, будуць «жыць» у барах Мінска, а тыя, якія прайграюць, «памруць» у забыцці.

Акрамя магчымасці выратаваць Цмока, кожны жадаючы мог прыняць удзел у розыгрышы запрашэння на дэгустацыю, каб правесці вырашальны адбор. Кожны наведвальнік сайта мог аддаць голас толькі за адзін кактэйль.

Пасля гэтага пры жаданні і магчымасці ўдзельнік дзяліўся ў сацыяльнай сетцы сваім Цмокам і пакідаў свой нумар тэлефона, каб удзельнічаць у розыгрышы запрашэння на дэгустацыю. Па выніках галасавання кожны з 9 кактэйляў атрымліваў некаторую колькасць галасоў, якія былі ўлічаны ў фінальным галасаванні на мерапрыемстве.

III этап – медыя- і PR-падтрымка

Запуск промастаронкі суправаджаўся банернай кампаніяй на буйных і рэлевантных для мэтавай аўдыторыі рэсурсах: TUT.BY, Onliner.by, Mail.ru, Rambler.ru, CityDog.by, Map.by, Dev.by і інш., а таксама размяшчэннем рэкламы ў Facebook і Instagram. Дзякуючы PR-падтрымцы праект анансавалі навінавыя і забаўляльныя рэсурсы: Relax.by, Kyky.org, Travel.by, Sputnik.by, Telegraf.by, Naviny.by і інш. Значную колькасць пераходаў на сайт згенерыравалі перапосты ў сацыяльных сетках.

IV этап – прэзентацыя кактэйляў

4 сакавіка адбылася дэгустацыя ўсіх 9 кактэйляў у бары «Мараскіна». У ёй прынялі ўдзел каля 30 членаў журы: рэстаратары, кулінарныя эксперты, журналісты. Госці мерапрыемства выбіралі па адным кактэйлі ў кожнай стыхіі. Пераможцамі сталі: «Паветраны Цмок», «Шыпахвост», «Скарбны Цмок». Важна, што вынікі галасавання на сайце цалкам супалі з меркаваннем журы, што сведчыць пра спалучэнне цікавай падачы напояў і іх смак.

Акрамя дэгустацыі на мерапрыемстве можна было акунуцца ў свет Цмокаў: зрабіць фатаграфію з яркім вобразам, паспрабаваць стварыць уласнага кішэннага Цмока, выпаліць Цмока на нататніку і прайсці тэст на веданне легенд. Краязнаўца Мікалай Півавар зрабіў экскурс у паходжанне легенд пра Цмокаў і растлумачыў, чаму менавіта Цмокі былі выбраны ў якасці вобразаў для натхнення бармэнаў. Гэта адзін з самых моцных і знакавых вобразаў у нашай народнай культуры. Супярэчлівы і разнастайна інтэрпрэтаваны, ён здольны падштурхнуць да самых смелых імправізацый. Гэты вобраз, на думку гісторыка, можа спрыяць праяўленню такіх рыс характару беларусаў, як сіла і адвага, якія часта саступаюць месца больш звыклай для нас «памяркоўнасцi».

Госці мерапрыемства высока ацанілі смакавыя якасці атрыманых кактэйляў і падзяліліся тым, што з задавальненнем заказвалі б некаторыя з іх у мінскіх барах. На думку вядучай кулінарнага шоў на «Беларусь-1» Марыны Кандрацьевай, прадстаўніцы журы, бармэны прапанавалі аўтэнтычны падыход да інгрэдыентаў: яны выкарыстоўвалі мясцовыя прадукты, дзякуючы чаму кактэйлі сапраўды могуць называцца нацыянальнымі. Замест віскі ці рому – традыцыйная настойка, замест колы ў шэйкеры змешвалі квас, замест лайма дадаваўся кавалачак агурка, замест ананасавага – маркоўны сок, замест содавай – газіраваны бярозавы сок, замест какосавага сіропу – вішнёвае варэнне.

Вынiкi

За перыяд кампаніі было ахоплена каля 14% усіх карыстальнікаў беларускага інтэрнэту. PR-падтрымка забяспечыла 21 бясплатную публікацыю ў прэсе, а таксама 30 публікацый у сацыяльных сетках з агульнай колькасцю лайкаў каля 4000 і патэнцыяльным ахопам болей за 100 000 карыстальнікаў. Самае галоўнае – кактэйлі былі з вялікай цікавасцю ўспрыняты кафэ і рэстаранамі, многія з якіх упершыню звярнулі ўвагу на лінейку настоек Бульбашъ®, а гэта значыць, што летам у мінчан была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з Цмокамі асабіста!

1571381

унікальны карыстальнік – ахоп рэкламнай кампаніі ў інтэрнэце

712399

чалавек – гэта ахоп «жывых людзей»

24000

унікальных наведвальнікаў сайта, сярэдні час знаходжання на сайце – больш за 2 хвіліны

Другие работы